Игорь Паливода

Талантливому человеку посвящается...

Вяртанне “Вясёлых жабракоў”

Аўтар:  I 1 сакавiка 2013 г.

Гэта можа зрабіцца калі не падзеяй года ў беларускай музыцы, дык сенсацыяй — дакладна. Праз 30 гадоў праграма “Вясёлыя жабракі”, напісаная Ігарам Паліводам на вершы Роберта Бёрнса і выкананая ансамблем “Песняры”, паўстае перад слухачамі ў новым увасабленні.

Яшчэ ў 2011 годзе былы бас-гітарыст і скрыпач “Песняроў” Барыс Бернштэйн, які стала жыве ў Атланце (ЗША), паставіў перад сабой мэту нагадаць шырокай грамадскасці пра таленавітага кампазітара і музыканта, свайго сябра Ігара Паліводу (на здымку). І зрабіць гэта ён вырашыў праз адноўленую версію адной з праграм, якая выконвалася “Песнярамі”, але ў студыйных умовах у свой час так і не была запісана. Барыс аб’явіў аб сваіх намерах на сайце фан-клуба “Песняроў” pesnyary.com, звярнуўшыся па дапамогу да тых, хто мог бы паўдзельнічаць у гэтым праекце.

І такія ахвочыя адшукаліся. Як сказаў Барыс, ва ўвасабленні праграмы ўдзельнічалі ўвогуле 30 музыкантаў з 8 краін свету, у тым ліку і тыя, хто працаваў у “Песнярах”. На дапамогу ім прыйшоў інтэрнэт. Асобныя партыі запісваліся ў розных кутках свету, пасля чаго зводзіліся ў канчатковыя варыянты фанаграм.

— Па вялікім рахунку, гэта быў скачок у невядомае, — прызнаўся мне Барыс. — Я ніколі не ўзяўся б за гэтую справу, калі б мяне не падтрымалі такія выдатныя музыканты, а найперш — людзі, як у першую чаргу Уладзімір Ткачэнка, Мікалай Няронскі і Аляксандр Віслаўскі.

Праца над праграмай распачалася 15 лістапада 2011 года, калі ў Таронта была запісана першая фанаграма — партыя цымбалаў у выкананні Уладзіміра Гародкіна. Далей да віртуальнай музычнай групы далучыліся Аляксандр Віслаўскі (клавішныя, вакал, бэк-вакал), Алег “Джагер” Мінакоў, Ігар Сярых, Людміла Ісупава, Людміла Куц, Пётр Ялфімаў, Ян Жэнчак, Уладзімір Стамаці (усе — вакал), а таксама Яўген Бергер (гітара), Андрэй Матлін і Ігар Бабіч (саксафоны), Павел Кандрусевіч (альт) і іншыя музыкі. Уладзімір Ткачэнка інструментаваў партытуры ўсіх песень і зрабіў новыя аранжыроўкі, у Беларусі матэрыял запісваўся на студыі Аляксандра Віслаўскага, звядзеннем усяго запісанага займаўся Мікалай Няронскі.

Дзеля зберажэння непаўторнасці арыгінала праграмы і як знак павагі да бездакорнага выканання ў песні “Красавица” быў пакінуты архіўны канцэртны запіс песні з удзелам Валерыя Дайнэкі і самога Ігара Паліводы, да якога ўжо цяпер была дапісана кода.

З нагоды заканчэння працы над гэтым сапраўды ўнікальным для айчыннай папулярнай музыкі праекта ў інтэрнэце паўстаў сайт www.palіvoda.net, на якім “Вясёлыя жабракі” будуць выкладзены для бясплатнага пампавання, пачынаючы ад 9 сакавіка. А напярэдадні на сайце pesnyary.com адбудзецца анлайн-канферэнцыя з удзелам Барыса Берштэйна, Мікалая Няронскага і Уладзіміра Ткачэнкі, якія адкажуць на пытанні пра тое, як стваралася гэтая праграма.

Стваралася ў вольны час і не на дзяржаўныя зарплаты людзьмі небагатымі. Затое дакладна насамрэч творчымі і — вясёлымі!